Заданні
І тура адкрытага літаратуразнаўчага Інтэрнэт конкурсу
для вучняў 9 класаў
«Калі нараджалася класіка»
Тэма конкурса
«Вінцэнт
Дунін-Марцінкевіч – пачынальнік беларускага тэатра»
(да 200-годдзя з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча)
І. Красамоўнікі. (Максімальная ацэнка – 10
балаў)
Пададзеныя
ніжэй трапныя выслоўі ўзяты з камедыдыі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
«Ідылія». Патлумачце сэнс выслоўяў і складзіце на кожнае свой сказ.
1.
Рынуць слаўцом, як пярцом.
2. Да пары збан ваду нёс.
3. Славен бубен за гарамі.
4. Ранішняя птушачка крылкі цярэбіць, а позняя вочы працірае.
5. Горш, калі баішся, і ліха не мінеш і надрыжышся.
6. Хто пытае, той не блудзіць.
7. Хто б пазнаў дзятла, што б не яго нос.
8. Калі важыў на рыбу, трэба важыць і на юшку.
9. Хто апарыцца на малацэ, той і на ваду дзьмухае.
10. Саўка на куце не будзе.
ІІ. Ваш каментар. (Максімальная ацэнка – 15
балаў)
Каб
зразумець і палюбіць літаратурны твор, аднолькава важна ведаць як
гістарычныя абставіны часу, калі ён ствараўся, так і эстытычныя
погляды самога аўтара твора. У гэтай справе аматарам і знаўцам літаратуры
дапамагаюць каментары, якія змяшчаюцца даследчыкамі напрыканцы кнігі.
Паспрабуйце і вы свае сілы ў расшыфроўцы некаторых фрагментаў «Ідыліі».
1. «Кароль Лятальскі.
Ян Дабровіч, яго кузен, ранейшы апякун.
Юлія, дачка Дабровіча.
Банавантура Выкрутач, камісар маёнтка Лятальскага.
Аршуля, яго жонка.
Шчырэцкі, падданы, звольнены ад паншчыны; жыве пры двары з панскай
ласкі.
Ян Губач, слуга Лятальскага.
Іцка, арандатар у маёнтку Лятальскага.
Наум Прыгаворка, войт.
Ціт і іншыя сяляне, мужчыны і жанчыны з вёскі Лятальскага».
Назавіце,
каго з пералічаных дзейных асоб камедыі «Ідылія» граў сам яе аўтар?
Як вы лічыце, чаму Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч абраў для сябе менавіта
гэтую ролю?
2.
«…пакінуў улюбёную Францыю і лётам бліскавіцы паспяшыў да нуднага
нашага краю. Цяпер баўлюся ў Варшаве, а надалей, як дзён цераз дзесяць,
прыбуду ў маёнтак, каб уладзіць, як ты мне пісаў, мае не найлепшыя
інтарэсы і зірнуць на стан прыгнечаных камісарам маіх сялян. Але
адна думка пра гэты нудны занятак паднімае на маёй галаве валасы».
З
ліста Караля Лятальскага да апекуна Яна Дабровіча добра відаць,
што малады гаспадар усур'ёз захоплены жыццём у Францыі і тамтэйшай
культурай. Што ж магло так зачараваць нашага героя ў замежжы ў 1842
годзе? (Ліст Караля пазначаны дакладнай датай – 4 мая 1842 года).
Чым была знакамітая Францыя ў тыя часы?
3. «Аршуля.
А васан што тут робіш? Гэ?
Камісар. Я? Я? так, ма… вот я заказваў прыгон на заўтрашні дзень.
Аршуля. І каму ж ты гэта заказваў? Гэтай дзяўчыне? Што?.. А
гэта добра! Яшчэ ні ў адной кніжцы гэтага не вычытала (а перабрала
я іх на сваім вяку вельмі многа), каб камісар заказваў прыгон адной
дворнай дзяўчыне».
Што
значыў у часы Дуніна-Марцінкевіча выраз «заказваць прыгон»?
4. «Ах,
мосця дабрадзейка! Абарані мяне, бедную дзяўчыну, ад праследавання
пана камісара. Як цень, ён ходзіць пастаянна за мною і надаядае
мне сваім каханнем».
«Мосця»
-- так зычліва звяртаецца Юлія да пані камісарыхі. Гэта скарочаная
форма ветлівага звароту да суразмоўцы. А які будзе поўны яе варыянт?
5. «Аршуля.
Пайду ды пашукаю кніжку з падобнай інтрыгай і пагляджу, як у
такім здарэнні паступіла жонка з сваім мужам».
«Дабровіч. Чаго там загаварыўся з Югасяй? Дзівішся, пэўна, з
яе выхавання? Гэта вельмі здатная дзяўчына. Дачка мая палюбіла яе
і прасіла мяне аддаць іх абедзьвюх у пансіён».
Як відаць
з гэтых урыўкаў, і Аршуля, і Юлія (Югася) пісьменныя і адукаваныя
жанчыны. Што вам вядома пра адукацыю і выхаванне дзяўчат на Беларусі
ў 19 ст.?
ІІІ.
Партрэт класіка. (Максімальная
ацэнка – 10 балаў)
Праглядзіце ўважліва
здымкі і адзначце тыя, на якіх прысутнічае Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
ІV.
Кніжнікі і кніжніцы. (Максімальная ацэнка –
10 балаў)
Дадайце прапушчаныя радкі рамансаў і спеваў, якія выконваюць
героі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў камедыі «Ідылія», і назавіце
імёны гэтых герояў.
1. «О, край
мой любы, мой родны!
Ты знаеш думак прычыны.
Тут, як у раі, аздобна,
Ціснуцца дзецтва ўспаміны.
/…/
Ўсё тут, як некалі, бачу,
Толькі /…/ не бачу!»
2. «За леты
маладыя
Я зведаў модны свет,
І ўсюды, дзе ні быў я,
Страчаў дзявочы цвет:
/…/
Ўсміхаліся ка мне,
Залётна парыжанкі
Там вабілі мяне;
/…/
Сябе ж я не трывожыў,
Як гэтай, ні адной.
Ах! Як яна прыгожа!
О, колькі вабы ў ёй!»
3. «Прыйдзі,
мой любы анёле!
/…/
Злучым навекі ўзаемна,
Верныя слову й прысягам.
Ах! Час падыходзіць да ранка, --
Прыдзі, мая ты каханка!»
V.
Гаспадар Люцынкі.
(Максімальная ацэнка – 15 балаў)
1. Род Дунін-Марцінкевічаў даў беларускай культуры не толькі
класіка - Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Іншы прадстаўнік гэтай сям’і
– знакамітая піяністка, кампазітар і актыўны грамадскі дзеяч. Хто
гэта? Што вам вядома пра яе лёс?
2. “Кожная
мова праходзіц эпоху дзяцінства… Хай жа аўтар не стамляецца ў сваім
высакародным намаганні выхоўваць народ, няхай асвячае яму галаву,
узнімае сэрца, выбіраючы надзённыя прадметы для сваіх апавяданняў.
/…/ Паэзія народная, беларуская, з’яўляецца арэнай п.Марцінкевіча
– няхай ён трымаецца на ёй як сапраўдны гладыятар”.
Гэтыя
радкі з’явіліся ў 1857 годзе “Газеце Варшаўскай”. Яны належаць сучасніку
і сябру Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча -- паэту, празаіку, аўтару
знакамітых падарожных нарысаў “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах”
і “Мінск”.
Як імя
гэтага аўтара? Чаму, як вы лічыце, ён параўноўвае беларускага драматурга
Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з гладыятарам?